Эрык XII
Эрык XII Магнусан | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
шведск.: Erik Magnusson | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Магнус Эрыксан | ||||||
Пераемнік | Магнус Эрыксан | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1339 | ||||||
Смерць | 21 чэрвеня 1359 | ||||||
Род | Фолькунгі | ||||||
Бацька | Магнус Эрыксан | ||||||
Маці | Бланка Намюрская | ||||||
Жонка | Беатрыса Баварская | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эрык XII Магнусан (шведск.: Erik Magnusson; 1339 — 21 чэрвеня 1359) — кароль Швецыі ў 1356—1359 гадах, спачатку як прэтэндэнт, а затым як суправіцель свайго бацькі Магнуса Эрыксана.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1339 годзе, быў старэйшым дзіцем караля Швецыі і Нарвегіі Магнуса Эрыксана і яго жонкі Бланкі Намюрскай. Каралю Магнусу даводзілася ісці на саступкі знаці і духавенству сваіх каралеўстваў, таму ў 1343 годзе ён вымушаны быў абвясціць свайго малодшага сына, Хокана, каралём Нарвегіі, а старэйшы сын, Эрык, быў названы спадчыннікам прастола Швецыі.
Да 1355 года абвастрыліся супярэчнасці караля Магнуса з духавенствам і Папам Рымскім, які пагражаў Магнусу адлучэннем ад царквы за прысваенне часткі дзесяціны. У той жа час, у краіне згуртавалася групоўка апазіцыйных феадалаў на чале з Нільсам Турэсонам, які раней займаў пасаду дротса Швецыі. Адначасова, малодшы брат прынца Эрыка, 15-гадовы Хокан, атрымаў рэальную ўладу ў Нарвегіі.
Усе гэтыя падзеі падштурхнулі Эрыка на паўстанне супраць свайго бацькі, яно пачалося ў 1355 годзе (ці ў кастрычніку 1356 года). Эрыка падтрымлівалі феадалы Фінляндыі і паўднёвай Швецыі (вобласць Сконэ). У красавіку 1357 года паміж Магнусам і Эрыкам было заключана пагадненне ў Ёнчэпінгу, паводле якога яны абодва прызнаваліся каралямі і Швецыя дзялілася на дзве часткі, пад уладай Эрыка аказалася Сконэ, амаль уся ўсходняя частка Швецыі і Фінляндыя. У студзені 1359 года, з прычыны пагрозы з боку дацкага караля Вальдэмара Атэрдага, які хацеў захапіць Сконэ і Готланд, пагадненне было перагледжана. Цяпер Магнус і Эрык былі абвешчаны каралямі-суправіцелямі адзінай Швецыі.
21 чэрвеня 1359 года Эрык Магнусан памёр. Выказваліся здагадкі пра яго атручванне, бо ён сам перад смерцю вінаваціў сваю маці Бланку Намюрскую ў гэтым. Таксама існуе версія, што ён памёр ад чорнай смерці.
Сям'я
[правіць | правіць зыходнік]Эрык Магнусан быў з 1356 года ў шлюбе з Беатрысай Баварскай (1344—1359), дачкой імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Людовіка Вітэльсбаха. Яна памерла праз некалькі месяцаў пасля Эрыка, у снежні 1359 года, перад гэтым нарадзіўшы мёртванароджанага сына.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Svensk uppslagsbok, Malmö 1931.
- Sveriges medeltida personnamn, Upppslagsordet «Erik» s. 8
- Eldbjørg Haug: Margrete. Den siste Dronningen i Sverreætten. Oslo 2000. (Margrete. Die letzte Königin des Sverre-Geschlechts)